ТЭХНІ́ЧНАЯ ДЫЯГНО́СТЫКА,
навукова-тэхнічная дысцыпліна, якая вывучае і вызначае прыкметы дэфектаў тэхн. аб’ектаў, распрацоўвае метады і сродкі выяўлення і пошуку такіх дэфектаў. Асн. задача — арганізацыя эфектыўнай праверкі спраўнасці, працаздольнасці, правільнасці функцыянавання тэхн. аб’ектаў (дэталей, элементаў, вузлоў, вырабаў, агрэгатаў, сістэм і інш., а таксама працэсаў перадачы, апрацоўкі і захоўвання матэрыі, энергіі і інфармацыі).
Адрозніваюць сістэмы тэставай і функцыянальнай Т.д. Тэставую Т.д. праводзяць пры вырабе і захоўванні аб’екта, яго рамонце, пры правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў, перад выкарыстаннем і пасля яго і інш. Пры такой дыягностыцы на аб’ект падаюцца спец. тэставыя ўздзеянні. Функцыянальная Т.д. праводзіцца пры эксплуатацыі аб’екта паводле яго прызначэння пры неабходнасці праверкі адпаведнасці функцыянавання зададзенаму алгарытму работы і пошуку дэфектаў, якія перашкаджаюць ёй. Пры гэтым на аб’ект падаюцца ўздзеянні, прадугледжаныя алгарытмам яго работы. Для распрацоўкі і стварэння сістэм Т.д. вывучаюцца аб’ект, магчымыя дэфекты і іх прыкметы, ствараюцца матэм. мадэлі аб’екта ў працаздольным і непрацаздольным станах, алгарытмы дыягностыкі і інш.
т. 16, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)